ІНСТЫТУ́Т ЛЕ́СУ Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Засн. ў 1930 у Гомелі на базе ляснога аддзела Бел. НДІ сельскай і лясной гаспадаркі і Цэнтр. лясной доследнай станцыі (у 1933—92 наз. Бел. НДІ лясной гаспадаркі). Лабараторыі (1998): аднаўлення харч. рэсурсаў лесу, лесааднаўлення, генетыкі лесу, лясной селекцыі і насенняводства, аховы і абароны лесу, праблем лесазнаўства і кіравання ляснымі рэсурсамі, лясной экалогіі і глебазнаўства, радыяцыйнага лесаводства; сектары экалогіі насякомых і біял. абароны лесу, лясной мікалогіі, біярэгуляцыі вырошчвання пасадачнага матэрыялу, лясной радыялогіі, радыелагічнага мадэліравання лясных экасістэм, хім. даследаванняў глеб і раслін. Аспірантура (з 1944), дактарантура (з 1996).
Асн. кірункі даследаванняў: навук. абгрунтаванне рацыянальнага і шматмэтавага лесакарыстання, павышэння прадукцыйнасці лясоў з улікам іх экалагічнай ролі і антрапагеннага ўздзеяння на лясныя біяцэнозы, стварэнне сістэм і метадаў лесаўзнаўлення і лесаразвядзення на аснове генетычна-селекцыйных прынцыпаў і структурна-функцыян. асаблівасцей біяцэнозаў; распрацоўка спосабаў мінімізацыі вынікаў радыяцыйнага забруджвання на лясныя экасістэмы. Вынікі даследаванняў: распрацавана нарматыўная база для вядзення лясной гаспадаркі Беларусі на навук. аснове (высечкі гал. і прамысл. карыстання, лесааднаўленне, лесаўпарадкаванне, абарона і ахова лесу, механізацыя лесааднаўленчых работ, пабочнае лесакарыстанне). Створаны навук. кірунак па праблеме вырошчвання лесу з рэгуляваным назапашваннем радыенуклідаў у дрэвавых раслін. У ін-це працавалі акад. АН СССР А́.Б.Жукаў, акад. АН Беларусі П.П.Рагавой, В.І.Пераход, У.У.Шкатэлаў, І.Д.Юркевіч; працуюць акад. Нац. АН Беларусі і Рас. акадэміі с.-г. навук В.А.Іпацьеў (дырэктар з 1989), чл.-кар. Р.Р.Ганчарэнка, 6 дактароў навук.
У.Ф.Багінскі.
т. 7, с. 268
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)